Сайт, які прысвечаны народнаму паэту Беларусі Пімену Емяльянавічу Панчанку - цудоўнаму лірыку, паэту-грамадзяніну, сапраўднаму паэту сучаснасці. На сайце Вы можаце знайсці біяграфію Пімена Панчанкі, пазнаёміцца з яго творамі, а таксама знайсці водгукі і аналіз вершаў паэта на старонцы рэцэнзіі і аналіз
Нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Таліне ў рабочай сям'і. У 1920 годзе бацькі вярнуліся на радзіму, дзяцінства паэта прайшло ў Бягомлі. Скончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску (1934). Працаваў настаўнікам на Магілёўшчыне і вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута (скончыў у 1939 годзе). У верасні 1939 года мабілізаваны ў армію, прымаў удзел у паходзе ў Заходнюю Беларусь. У гады вайны быў ваенным карэспандэнтам, у 1944-1945 гг. знаходзіўся з часцямі Савецкай Арміі ў Іране. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў у рэдакцыях часопісаў і газет "Вожык", "Літаратура і мастацтва", "Нёман", "Маладосць" (1946-1966), сакратаром праўлення СП Беларусі (1966-1971).
Упершыню апублікаваў свае вершы (“Ураджайнае” і “Моладзі”) у 1934 г. у альманаху “Ударнікі”. Выйшлі зборнікі паэзіі "Упэўненасць" (1938), "Вераснёвыя сцягі" (1940), "Дарога вайны" (1943), "Далёкія станцыі" (1945), "Прысяга" (1949), "Кніга вандраванняў і любові" (1959), "Тысяча небасхілаў" (1962), "Пры святле маланак" (1966), "Размова з наследнікамі" (1967), "Снежань" (1972), "Крык сойкі" (1976), "Маўклівая малітва" (1981), "Дзе начуе жаўранак" (1983), "Лясныя воблакі" (1985), "І вера, і вернасць, і вечнасць" (1986), "Горкі жолуд" (1988), "Высокі бераг" (1993) і інш. Напісаў паэмы "Беластоцкія вітрыны" (1940), "Маладосць у паходзе" (1945), "Патрыятычная песня" (1957). Выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).
Выступаў як паэт, перакладчык, крытык. Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Ф. Шылера («Разбойнікі»), А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф'ева, А. Суркова, Т. Масэнкі, Б. Чалага, паэму М. Нагнібеды «Матулям з Расой» і інш.
У 1973 годзе прысвоена званне народны паэт Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за «Патрыятычную песню», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў «Пры святле маланак», Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979).
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам
На заваёваным рубяжы.
А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
І травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азёр.