Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Эдуард Дубянецкі

 Дубянецкі.JPG

Дубянецкі Эдуард Станіслававіч.

Нарадзіўся ў 1966 г. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1988). На працягу 1988--2016 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам у БДУ, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны, БДПУ імя М.Танка. Кандадыт гістарычных навук (1995). Аўтар шэрагу навукова-папулярных кніг па гісторыі Беларусі, беларусазнаўству, культуралогіі, гісторыі сусветнай і айчыннай культуры.

Вершы друкуюцца з 1991 г. (газета “Літаратура і мастацтва”). Акрамя гэтага штотыднёвіка, пазней вершы друкаваліся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Нёман” (у перакладзе на рускую мову), газетах “Новы час” (дадатак “Літаратурная Беларусь”), “Вместе” і інш., а таксама ў калектыўных паэтычных зборніках “Пролог” длиною в десять лет» (Мн., 2014), "Для шчасця зямнога..." (Вінніца, 2017; зборнік твораў беларускіх і ўкраінскіх паэтаў), «Рыф-мы» (Мн., 2017).

Аўтар кніг паэзіі “Душы маёй няскончаны палёт” (2011) і “Покліч самотнага неба” (2013). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2012). Вершы перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Аднойчы падчас сустрэчы са сваімі сябрамі і добрымі знаёмымі я папрасіў іх напісаць на паперцы, якія асацыяцыі і думкі выклікае ў іх фраза «Без цябе…». Спачатку ўсе нібыта з ахвотаю ўзяліся за працу, аднак трошкі пазней асобныя з прысутных адмовіліся выканаць маю просьбу і вярнулі мне абсалютна чыстыя аркушы паперы. Астатнія выканалі заданне, і вось што яны напісалі.

Адзін з іх напісаў: «Мне здаецца, што ўначы нехта вырваў
маё сэрца і схаваў яго дзесьці ў патаемным падземным сховішчы,
без цябе,
мая матуля!»

Другі напісаў: «Кожны дзень я пераглядаю нашыя старыя фотаздымкі — гэтыя маўклівыя сведкі нашага тагачаснага шчасця —
без цябе,
мая каханая!»

І напісаў трэці:
«Я ніколі не адчуваю сябе цэласным,
напоўненым ўсімі фарбамі і пахамі жыцця;
я — нібы разбітае люстэрка
без цябе,
мой сябра!»

А яшчэ адзін напісаў: «Мне ўяўляецца, што я страчваю сувязь з небам
і не атрымліваю ніякай энергетычнай падпіткі ад сонца
без цябе,
мой Бог!»



Сярэдняя: 4.4 (10 галасоў)

...і год за годам праплывае бы аблокі
у невядомасць і паўсюдна адзінокі
мой дух які ў бяссоння час вытокі
шукае нашага расстання і тых слоў
што мы сказаць маглі б але яны
так і не вырваліся з пасткі нематы
і леглі ціха у вялікі схоў
няспраўджаных ілюзій і надзей
………………………
бы сон праходзяць лепшыя гады
і брама зачыняецца й туды
у маладосці край няма вяртання
няма



Сярэдняя: 3.1 (7 галасоў)

зноў шнары на спіне збалелай начы
зверам сонным чорным на зямлі
ляжаць аскепкі мрояў сон бяжыць
надзеяў куфар і ўначы спявае дрэва
праточваюцца шэпты стогны ненароджаных
містэрыя любові ды кілім пакутаў шэры
і зблытаны клубок і хтосьці тчэ самоту
а хтось рукамі вуснаў размаўляе
каб наталіцца захмялелае паветра
дзесь вочы працінаюць шал прыбою
і подых ветру крышталёвы небакрай
паставіўшы пячатку стомы на
і набрынялыя спагадай галасы
і перазовы і памерлых і жывых
дамы ў смузе адчаю сэрца лета
і нітка памяці раскручваецца боль
у гушчарах чыіхсьці крозаў танец
і жарсці звер бяжыць лес пазяхае
і кроў пульсуе ў сутарэннях вечнасць
у скляпеннях холад выпрабоўвае зноў страх
а роспач шпарка падыходзіць бездань спіць
разгортвае сувой пакута б’ецца ў сцену
імша ў нябёсах кроў з акна ліецца
сум безгалосы выпрастаць крыло
аленя клічуць звар’яцелае каханне
а пляж пустынны песціць у далонях
мяне й дзіця маё вось гэты верш
верш?!