Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Антон Піліпчык

Яшчэ не ацэнена

* * *

Бывае часам, вельмі трэба
прачуць усёй да дна душой,
што самы родны край пад небам —
з хацінкай бацькавай старой,
дзе ў рэчцы водблеск неба сіні,
красуе ў жыце васілёк…
Зірну ў той бок — перед вачыма
любімых вобразаў звіток
зямлі пад вартаю буслянак,
і са сцяжынкай праз жыты,
дзе абвяшчае жаўрук ранак,
дзе ўсё са мной заўжды на “ты”,
са мной лагодна і адзіна
ці ў радасці я, ці у скрусе,
дзе тое ўсё, што ёсць Радзіма,
і што завецца Белай Руссю!



Сярэдняя: 4.9 (57 галасоў)

Мае ўсе крокі па Зямлі —
дайсці да ісціны,
знайсці якую не змаглі,
аднойчы высніўшы.
Яна, як сонца
промень весні,
святла й цяпла —
каб колас рос…
Яна, бы гук
світальнай песні, —
кранальны аж да слёз.
Яна — адчайны бляск вачэй
І неадступных думак мроі.
Яна — бяссонніца начэй,
і боль — даўнішні,
незагойны…



Сярэдняя: 4.8 (49 галасоў)

А раптам, магчыма…

Між сёння і ўчора,
між сёння і заўтра
адвечнае нашае шэсце.

Растанне — бы прорва…

І зараз, магчыма,
нялюбыя вусны
цалуюць і шэпчуць:
—Ты
самая лепшая ў свеце
жанчына…
І зараз, магчыма,
нялюбыя рукі
грабуць у абдымку…

Нялюбае — глыбаю мулкаю
цела…

А раптам,
вось, возьме й нахлыне
праменне світання —
нястрымнаю плынню
вялікае наша каханне…



Сярэдняя: 5 (10 галасоў)

А я прагну адно — адзіноты
ў пакоі пустым і настылым
без словаў, нібы з кулямёта,
без стомы і болю ў крылах.
І… каб не маніла дарога,
не грукала клапанамі
у сэрцы ўсё тая ж трывога,
што люта зайграла між намі.
Зайграла шалёна па нотах,
бы бура ў засохлым трысці….
…Я прагну ўсяго адзіноты –
гаюча – ялейнай цішы!..