Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

прырода

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Што за раптоўная навала
Мне закружыла галаву
І сярод ночы распачала
Дажджу турботную главу.

І гаманіла, разважала
Сцяной бязлітасных размоў,
З асфальту парай падымала
Астачу леташніх слядоў.

Калоціцца, трасецца глеба!
Пярун карцеччу б'е наўкол,
Маланкі расшываюць неба,
Агню пранізлівым шыўком.



Сярэдняя: 4.5 (37 галасоў)

Снег пушысты, бадзёры, крамяны
Ціхай беллю празрыстаю лёг,
Дрэвы, хаты ахутаў рахманы,
І застыў на шырокіх палёх.

Першы снег - гэта сэрцу навіна,
Гэта - раны прыкрыла зямля,
Гэта - з жартам прабегла дзяўчына,
Смех пры студні і скрып жураўля.



Сярэдняя: 5 (8 галасоў)
Першы снег сыпануў на світанні —
Светлы пух на платах, на траве,
Што сказаць вераб'ю ў спачуванне?
Пастаю, памаўчу —
                        хай жыве.

Весні гром пракаціўся нясмела —
Быць цяплу, быць святлу, дабраце.
Што сказаць гэтай яблыньцы белай?
Памаўчу і пайду —
                        хай цвіце.

Спорны дождж над пажоўклаю нівай
Жыту горкую смагу запіць.
Што сказаць мне бярозцы шумлівай?
Падыду, абніму —
                       хай шуміць.

Ліставей на лугах, на балоце.
Завядання разгул не суняць.
Што сказаць жураўлям пры адлёце?
Пастаю, уздыхну —
                        хай ляцяць.