Дарога дадому...
********************************
Прывітанне, любая Градзянка!
Патрапляю ў кожны мамін след...
І лячу з гары ў драўляных санках,
І бабуля рада мне, і дзед.
І бягу ў грыбы з малодшым братам,
У вясёлкавым блукаю сне.
Наступаюць хуценька на пяты
Год за годам вельмі спрытна мне.
Грукаюць па рэйках колы гучна -
Разагнаўся ні на жарт цягнік.
Ды матыў шчымлівы, мілагучны -
Той, што думкі лашчыў, раптам знік.
Бо зусім не тая ўжо Градзянка,
І сышлі суседзі на пагост,
Не сустрэне матухна на ганку,
Не пакліча ўлетку сенакос...
Стану прад іконай на калені -
Аб адным я Бога папрашу:
Каб хоць на хвілінку, на імгненне
Абагрэў збалелую душу...
25.01 - 2015 г.